19 САКАВІКА. 20:00. ШТО ЎСЕ ХАЦЕЛІ ВЕДАЦЬ, АЛЕ НЯ ВЕДАЛІ Ў КАГО СПЫТАЦЬ. Частка №2.
Тыя, хто яшчэ не чытаў папярэдняй часткі знойдуць яе тут.
Усе мы любім тэхніку, таму пачнем з...
Спэцсродкі
Рэпрэсіўны апарат мае даволі шырокі асартымэнт сродкаў нелетальнага фізычнага ўзьдзеяньня - гэта значыць прыстасаваньняў, прызначаных рабіць жыцьцё дэманстранта дыскамфортным і, як заўсёды, на-па-ло-хаць. Яны могуць быць больш ці менш непрыемнымі для людзей, аднак, сапраўды колькасна значную акцыю імі спыніць немагчыма.
Вадамёт
Гэтае прыстасаваньне яшчэ ніколі не выкарыстоўвалася ў Беларусі, таму вакол яго склалася шмат казак і легендаў. Некаторыя спадары дагаварыліся да таго, што вадамёт, маўляў, так моцна б'е вадой, што можа пераўтварыць вашыя вантробы ў "кашу". Адказна заяўляем - гэта лухта.
Для ператварэньня вантробаў у кашу чалавецтва вынайшла кулямёты, а вадамёт да гэтага дачыненьня ня мае. У прынцыпе струмень можа быць сапраўды вельмі моцным, скажам, дастатковым для таго, каб зьбіць (дакладней змыць) вас з ног, і падзеньне можа прынесьці траўмы, але на катку траўматычнасьць ня меншая.
Вадамёт патрэбны для таго, каб зрабіць вам мокра, халодна і - так, так! - каб напалохаць. А вы ня бойцеся. На Захадзе бунтоўных студэнтаў нярэдка паліваюць, а яны бадзёрыя і вясёлыя. Небясьпека абмаражэньняў таксама значна перабольшваецца - не тайга ўсё ж. Хаця, насмарк - рэальная небясьпека, які жах, га?
Сьлезацечны газ
Такі да. Цякуць ад яго сьлёзы. І ў горле пяршыць. Наколькі ўсё сур'ёзна залежыць ад канцэнтрацыі, ад ветру, ад тэмпэратуры. Аднак, таксама не сьмяротна.
Часьцей за ўсё с.г. ужываецца ў выглядзе банальных балёнчыкаў, якія раздаюць міліцыянтам. Ужываць іх магчыма толькі зблізу, і супраць натоўпу яны малаэфэктыўныя.
Існуе таксама магчымасьць распыляць газ "аблокамі", для гэтага самім міліцыянтам прыйдзецца запакаваць свае твары ў супрацьгазы. Спосаб можа быць больш ці менш эфэктыўны ў залежнасьці ад ветру і вільготнасьці. Звычайна дэманстрантам ў такіх выпадках варта арганізавана адступіць на адлегласьць на якой газ будзе расьсейвацца. Дапамагае замотваньне твараў. Падтрымлівайце тых, хто ўжо кепска бачыць і страціў арыентацыю. Добры дэманстрант ніколі не пакіне таварыша, нават незнаёмага.
Існуюць таксама адмысловыя гранаты са с.г. Але ў прынцыпе, вялікую дэманстрацыю асабліва такім чынам не атруціш. Тут эфэкт, зноўку, збольшага псыхалягічны - ведаеце, выбухі там, і ўсё такое.
Дручкі
З пачатку 90-х гэта неад'емны элемэнт міліцэйскага гарнітуру. Яны таксама бываюць розныя - паводле вагі, гнуткасьці, апрацоўкі паверхні. Прызначаныя, як ня цяжка здагадацца, для таго каб біць. Ад іх вельмі зручна прыкрывацца сумкамі, пра якія мы згадвалі раней (у першай частцы). На скрайні выпадак, блякуйце рукамі - сінякоў, канечне, дастанеце, але галава важней.
Людзі - тут і там
Гэты разьдзел важнейшы за папярэдні, бо людзі важней, чым спэцсродкі.
Людзі, зь якімі мы сутыкнемся дзеляцца на 2 катэгорыі паводле свайго афіцыйнага статусу (нармалёвыя міліцыянты у форме і пераапранутыя правакатары-"шасьцёркі"), і на 2 катэгорыі паводле псыхічнай адэкватнасці (адэкватныя і прыпыленыя).
Самае галоўнае - мы ідзем дэманстраваць - што значыць ПАКАЗВАЦЬ - нашую прагу свабоды. Мы не ідзем захопліваць уладу. Мы ідзем пераконваць сваёй масай і ўпартасьцю.
Значыцца настройваемся на вясёлы, спагадлівы лад у дачыненьні да нашых суайчыньнікаў зь іншага боку. Гэта ня значыць, што прамое сутыкненьне немагчымае, але нават яно, калі адбудзецца, не павіннае зьмяняць нашай прыроднай беларускай дабрыні. Кантралюйце свае словы. Нават, у напружаныя моманты ня трэба зьневажаць і пагражаць. Хочаце, растлумачыць міліцыянту, што ён памыляецца - так патлумачце: "Калега, ты памыляесься! Мы пераможам і табе будзе лепш!" і далей раскрываем неабходную тэму. Можна папярэдзіць, калі ён схільны да супрацьпраўных учынкаў, спакойна і аргумэнтавана.
Увогуле, размаўляйце зь імі, спрачайцеся, нават, калі гэта будзе клінічны выпадак замбаванасьці. Нават, калі сьветапогляд вашаг візаві застанецца пасьля размовы з вамі некрануты як бэтонная пліта, ягоны эмацыйны стан непазьбежна зьменіцца. Гэта лепшы сродак абяззбройваньня.
Сказанае, у першую чаргу, тычыцца законных міліцыянтаў - у форме і пры адзнаках. Помніце, яны ня ворагі, яны на няўдзячнай цяжкай працы.
"Народ" аплочаны і прывезены
Вельмі модны сярод усіх дыктатараў прыёмчык - зрабіць такі сабе штатны "народ" на зарплаце. Робіцца гэта так: выбіраюцца самыя дурныя і сквапныя спэцслужбісты і міліцыянты, пераапранаюцца ў цывільную вопратку, у рукі ім даецца пара плякатаў "За папіка!", пасьля іх адпраўляюць нападаць на дэманстрантаў. Нібыта, "народ супраць вас".
Гэта, па-сутнасьці, прафэсійная прастытуцыя. Калі яны нападаюць - іх трэба біць (абсалютна законная самаабарона), круціць і здаваць нармальным міліцыянтам. Пасьля іх, канечне, адпусьцяць, але многім сумленным супрацоўнікам "органаў" стане няёмка за такую фігню. Ня кепска, калі ў каго-небудзь атрымаецца забраць "корачкі" з указаньнем званьня і месца працы (яны нярэдка носяць іх з сабой, на ўсялякі выпадак). Іх можна будзе прадэманстраваць журналістам.
Калі яны не нападаюць, а корчаць зь сябе іншую дэманстрацыю - зь імі, ізноў-такі, трэба мірна пагаварыць. Каля іх будуць круціцца тэлекамэры прапагандысцкіх каналаў, чаму б і нам не апынуцца ў кадры? Такія людзі, мераючы ўсіх па сабе, упэўненыя, што ўсе, хто ходзяць на акцыі пратэсту, ходзяць за грошы. Падчас размовы некаторыя зь іх ўсьвядомяць свае памылкі, зразумеўшы, што гэта жыцьцё, а не спэктакль. У кожным разе, яны зьнікнуць, як толькі зьедуць здымачныя групы тэлевізіі.
Раптам разгон? Што рабіць
Найперш, як заўсёды, не баяцца, і ўдыхаць жыцьцё поўнымі лёгкімі, дзе ж яшчэ вам абломяцца такія прыгоды?
Два асноўных прыёма пры разгонах - гэта расьсячэньне натоўпу на часткі і выцісканьне.
Пачнем з апошняга. Міліцыянты франтальна наступаюць і навальваюцца на дэманстрантаў з мэтай зрушыць іх у патрэбным кірунку. Гэта можа быць проста націск, а можа суправаджацца ударамі. Адразу скажам, што калі гаворка ідзе пра шматтысячную дэманстрацыю, то такая спроба абломіцца. Адназначна. Тыя, хто удзельнічаў у акцыях вясны'96 такое памятаюць. Розьніца ў масе настолькі значная, што шэрагі міліцыянтаў проста зносіць ледзь толькі народ пачынае ціснуць, а заднія шэрагі дэманстрантаў могуць нават не заўважыць, што нешта адбылося. Пярэднія могуць атрымаць сінякоў і гузакоў, але мы ж такой лухты не баімся.
Часам, выкарыстоўваюцца аўтамашыны, якія павольненька так, нахабна наязджаюць на людзей. Іх можна высілкамі пары дзясяткаў чалавек спыніць, адарваўшы колы ад зямлі з аднаго боку і наглядна патлумачыўшы кіроўцу, што далейшыя замахі на жыцьцё і здароўе грамадзянаў прывядуць да таго, што ён будзе ляжаць на дарозе коламі дагары.
Расьсячэньне. Гэта рэзкая атака на натоўп строем падобным да нямецкай "сьвіньні" (клінам), чытаем гісторыю. Гэта можа справаджацца рознымі шумавымі эфэктамі, паліваньнем вадой і выглядаць даволі страшна. Трэба падавіць у сабе інстынктыўнае нерацыянальнае жаданьне змыцца, і сутракаць налёт счэпленымі шэрагамі, прычым пачаць масавы рух на іх. Першыя хвіліны будзе ня соладка, але калі натоўп пачне выціскаць і зьмінаць клін, ім давядзецца пяціцца задам у вельмі нязручнай амуніцыі, адчуваючы небясьпеку ўпаcьці на сьпіну - і нэрвы пачнуць "граць" ужо зь іншага боку. Паколькі першы шэраг, счапляецца рукамі і ня можа абараняцца ад удараў, абавязак другога і трэцяга прыкрываць гэтым героям галовы й плечы. Заднія павінны ўдзельнічаць у руху-націску і падтрымліваць дзеяньне шумам (гл. рытмічнае плясканьне ў папярэдняй частцы).
Нават у такой, сытуацыі - ня лайцеся, не зьневажайце. Працягвайце зь імі гаварыць як зь людзьмі ў стрэсе, спакойна і ўпэўнена.
Будзьце уважлівыя і міласэрныя, калі міліцыянт упаў дайце яму магчымасьць падняцца, магчыма спатрэбіцца расчапіцца-расступіцца - але уважліва, каб гэта не было скарыстанае для вырываньня людзей.
Уся праўда аб разгонах
Варта заўважыць, што калі вы, вашыя сябры, сябры вашых сяброў як адказныя, сьмелыя грамадзяне прыйдзеце на плошчу 19-га ў 20:00, здолееце сканцэнтравацца ў адну задзіночаную супольнасьць сяброў, дык на 90% ніякіх разгонаў ня будзе ўвогуле. Занадта вялікая будзе сіла свабоды.
Рэжым будзе чакаць, пакуль вы стоміцеся і разыйдзецеся самі, а значыць, калі вы да ўсяго акажацеся ўпартымі і будзеце гатовыя стаяць доўга, узяць адказнасьць за сябе і за тых, хто слабей за вас - перамога непазьбежная.
Чакайце працягу сёньня ўвечары.
Напісаць камэнтар:
|